УЗРО́СТАВАЯ СТРУКТУ́РА НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

размеркаванне насельніцтва паводле ўзроставых груп і ўзроставых кантынгентаў. Даследуецца ў мэтах аналізу дэмаграфічных і сац.-эканам. працэсаў. Стат. звесткі па У.с.н. робяцца па 1-гадовых і 5-гадовых групах Паводле рэпрадукцыйных здольнасцей насельніцтва падзяляецца на групы: пакаленне дзяцей — да 15 гадоў, пакаленне бацькоў — 15—49 гадоў і пакаленне прабацькоў — старэй за 50 гадоў. Паводле здольнасці да працоўнай дзейнасці вылучаюць дапрацоўны перыяд (да 15 гадоў), працоўны (15—54 або 59 гадоў) і пасляпрацоўны (старэй за 55—60 гадоў). З-за розніцы ў сац. і дэмаграфічных функцыях мужчын і жанчын У.с.н. часта разглядаецца як полаўзроставая структура. На У.с.н. ўплываюць нараджальнасць, смяротнасць, тып узнаўлення насельніцтва, міграцыя насельніцтва, рэлігія, войны і інш. Вылучаюць 3 асн. тыпы У.с.н.: прагрэсіўны (доля дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва да 45%; характэрны для краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі), стацыянарны (ураўнаважаныя долі дзіцячых і пажылых узроставых груп з невял. натуральным прыростам; характэрны для Іспаніі, Грэцыі, Партугаліі, ЗША, Аўстраліі, Японіі), рэгрэсіўны (доля пажылых і старых людзей да 20%; мае месца ў многіх краінах Еўропы). У.с.н. ўплывае на натуральны прырост насельніцтва, колькасць прац. рэсурсаў і ўлічваецца пры прагнозе і планаванні сац.-эканам. развіцця краіны. На Беларусі У.с.н. (2001) складаецца з груп: пакаленне дзяцей (18,3% ад агульнай колькасці насельніцтва — 9990,4 тыс. чал.), бацькоў (52,8%) і прабацькоў (28,9%, у т. л. 8,9%, якім за 70 гадоў); паводле працаздольнасці — у дапрацоўным перыядзе 19,9%, працоўным 58,8% і пасляпрацоўным 21,3%; у полаўзроставай структуры колькасць жанчын на 1000 мужчын у адпаведнай узроставай групе: да 4 гадоў — 946, 30—34 — 1015; 60—64 — 1401, 70 і старэй — 2335.

Літ.:

Шувалов Е.Л. География населения. 2 изд. М., 1985;

Пирожков С.И. Демографические процессы и возрастпая структура населения. М., 1976.

К.​А.​Анціпава.

т. 16, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)